Понедельник, 22.10.2018, 10:31
Вы вошли как Гость | Группа "Гости"Приветствую Вас, Гость

 "Этнакультурнае выхаванне навучэнцаў сродкамі народнай спадчыны Гродзенскага Панямоння"

 

Вывучэнне сістэмы работы педагогаў можна назваць адной з асноўных асаблівасцей развіцця адукацыйнага працэсу. Распазнанне, вывучэнне і абагульненне новага вопыту з’яўляецца важнай тэарэтычнай і практычнай праблемай, таму што педагагічны вопыт – адзін з галоўных сродкаў фіксацыі, захоўвання і распаўсюджання інфармацыі аб выніках педагагічнай дзейнасці.

Носьбітам народных традыцый, выхавання, адукацыі і культуры  з’яўляецца падрыхтаваны педагог, які вызначае формы і метады перадачы культурных традыцый нашчадкам. Працэс выхавання больш эффектыўны, калі педагог і вучань разам ствараюць матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці, здабываюць веды і навыкі ў працэсе сатворчасці.

Прапаноўваецца адлюстраванне вопыту аб’яднання па інтарэсах “Ткацтва” педагога дадатковай адукацыі аддзела этнакультуры і мастацкай адукацыі Марыны Аляксандраўны Камінскай. Дзейнасць накіравана на гуманізацыю адукацыйнага працэсу, фарміраванне маральных асноў асобы дзіцяці, яго творчых адносін да працы, садзейнічае развіццю творчай актыўнасці вучняў, іх эстэтычнаму ўспрыманню рэчаіснасці.

Дадзены вопыт будзе карысным у арганізацыі работы аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і адрасаваны метадыстам і педагогам дадатковай адукацыі.



Рэгіянальны вопыт

 

М.А. Камінская, педагог вышэйшай

катэгорыі, стваральнік літаратурна-

краязнаўчага музея Гродзенскага дзяржаўнага

Палаца творчасці дзяцей і моладзі,

кіраўнік гуртка “Ткацтва” народнай студыі

 “Суквецце талентаў”,

працуе па аўтарскай праграме

 

Пазашкольнае выхаванне 2009/11

 

Спакон вякоў выхаваннем дзяцей займалася сям’я. Бацькі стараліся перадаць дзецям традыцыі, жыццёвы вопыт, веды і ўменні. Менавіта ў сям’і дзіця фарміравалася як асоба. Першаасновай чалавечага жыцця народная філасофія лічыла працу, таму дзеці прызвычаіліся да яе даволі рана. Вялікая роля ў выхаванні належала казкам, песням, загадкам і іншым фальклорным творам, у якіх адлюстроўвалася глыбокае разуменне жыцця.

Сучасная сям’я ў значнай ступені страціла манаполію на выхаванне дзяцей. Узрасла роля грамадскага выхавання, дзе немалаважнае месца адводзіцца і нам – педагогам-пазашкольнікам.

Паколькі народная студыя “Суквецце талентаў” займаецца традыцыйнымі рамёствамі, наша асноўная задача, выкарыстоўваючы багаты выхаваўчы патэнцыял традыцыйнай культуры, - давесці яе да дзяцей і навучыць іх паважаць і цаніць культурную спадчыну продкаў, таму што без пачуцця гонару за свой народ, сваю гісторыю і культуру нельга стаць Асобай. Толькі засваенне і асэнсаванне нацыянальнай культуры адчыняе дзверы ў сусветную.

У майстэрні “Ткацтва” дзяўчаты вучацца ткаць сурвэткі і ручнікі ў дзве нічальніцы з пераборам, у чатыры нічальніцы. Нядаўна мы апрабавалі спосаб двухасноўнага ткацтва, дзякуючы якому можна атрымліваць тканіну двайной шырыні, або вырабы мяшковага тыпу. Любяць нашы навучэнкі ткаць паясы і закладкі (на ніту, на дошчачках, на бёрдзечку). Але сваім найвялікшым дасягненнем лічым авалоданне тэхнікай падвойнага ткацтва (калі двухслойнае палатно перасякаецца ў месцы ўтварэння арнаменту: колер ніжняга палотнішча стварае ўзор на фоне верхняга і наадварот). У IX стагоддзі выраб такіх дываноў быў сканцэнтраваны ў асноўным на Гродзеншчыне і называлі іх “гродзенскія дываны”. На жаль, сёння на Гродзеншчыне лічаныя людзі валодаюць такой тэхнікай. Студыя шмат гадоў цесна супрацоўнічае з Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеем і з Верай Ігнатаўнай Белакоз, якая дасканала валодае тэхнікай падвойнага ткацтва. Праўда, на сапраўдныя дываны мы не замахваемся, бо для гэтага трэба шмат нітак і часу, ды і для дзяцей гэта вельмі складана, але тры невялікія дыванкі (па шырыні кроснаў) выткалі. Апошнім часам для засваення тэхнікі спрабуем ткаць пано.

Нельга вучыць дзяцей народным рамёствам, не вывучаючы гісторыі і культуры свайго краю, таму адным з асноўных напрамкаў дзейнасці студыі з’яўляецца этнаграфічная работа.

У сваім класе мы імкнуліся паказаць увесь працэс ткацтва, пачынаючы ад апрацоўкі сыравіны і заканчваючы гатовымі вырабамі. Тут сабраны прылады, неабходныя для апрацоўкі льну, для перамотвання нітак (церніца, трапачка, шчоткі калаўрот, прасніца, вітушкі, матачка, сукала і інш.). тут жа паказаны лён у розных стадыях яго апрацоўкі і гатовыя вырабы. Напрыклад, кавалак тканіны, зроблены ў пачатку XX стагоддзя, рытуальны ручнік, вытканы прыблізна ў 1940 годзе, кужэльныя сурвэткі, вышываныя крыжыкам, і інш.

З цягам часу экспанатаў станавілася ўсё больш. Многіх гурткоўцаў актыўна падтрымалі бацькі, зацікавіліся збіральніцтвам і супрацоўнікі Палаца. Два гады таму ўзнікла ідэя стварэння этнаграфічнага музея. Сёння ў нашым музеі больш за 200 экспанатаў, якія адлюстроўваюць сялянскі побыт першай паловы 20 стагоддзя. Тут ёсць жорны (канец XIX – пачатак XX стагоддзя), самаробная мэбля 30-х гадоў, разнастайны посуд, плеценыя сявенькі, каробкі, кашы, вялікі сувой кужалю, абрусы, дываны, ручнікі і інш.

Вельмі важнае значэнне ў нашый працы маюць этнаграфічныя экспедыцыі. Студыйцы наведалі Мастоўскі, Ваўкавыскі, Бераставіцкі, Шчучынскі раёны. Сустрэліся з таленавітымі ткачыхамі, запісалі цікавыя апавяданні, сфатаграфавалі прыгожыя дываны, ручнікі і абрусы. Са Шчучынскага раёна прывезлі новую тэхніку ткання паясоў, з Мастоўскага, Ваўкавыскага і Бераставіцкага – шмат экспанатаў. Напрыклад, мінулым летам мы былі ў Малой Бераставіцы, адкуль прывезлі каля 20 экспанатаў. Найбольш каштоўны з іх – ручнік, вытканы і вышыты прыблізна ў 1910 годзе, падараваны Надзеяй Сцяпанаўнай Гусянок. Цікавая гісторыя ручніка і цікавыя лёсы людзей, якія з ім звязаны. Ручнік ткала і вышывала бабуля Надзеі Сцяпанаўны Ганна Андрэеўна Карпач (1894 года нараджэння) прыблізна ў 1910-1911 гадах. Бабуля была родам з Воўпы (Ваўкавыскі раён), дзядуля з Малой Бераставіцы, а пазнаёміліся  яны ў Растове-на-Доне, куды ў час Першай сусветнай вайны сем’і выехалі ў бежанства. Пасля вайны маладая пара вярнулася ў Малую Бераставіцу. Гэты ручнік, які быў вытканы ў Воўпе, з’ездзіў у Расію, вярнуўся ў Малую Бераставіцу і доўгі час беражліва захоўваўся ўнучкай Ганны Андрэеўны, а цяпер стаў адным з самых каштоўных экспанатаў у музеі. Выхаванцы добра засвоілі, што кожны экспанат мае сваю гісторыю і чым больш мы пра яе ведаем, тым ён каштоўнейшы. Калі нехта з іх прывозіць новы экспанат, знойдзены ў дзядулі ці ў бабулі на гарышчы, то абавязкова імкнецца запісаць, хто зрабіў, хто карыстаўся, у які час, у якой мясцовасці, і інш.

Не заўсёды ёсць фінанасавая магчымасць кудысьці выехаць, але не трэба забываць, што цікавыя людзі ёсць і побач з намі. Зусім выпадкова даведаліся, што сціплая і працавітая жанчына Ніна Іосіфаўна Крокас, якая шмат гадоў працавала ў Гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, усё жыццё, калі толькі выдавалася магчымасць, ткала дываны, ручнікі, абрусы. Цяпер Ніна Іосіфаўна часты госць у нашай студыі. Дзяўчынкі любяць слухаць яе расказы, хваляцца сваімі дасягненнямі. Падарункі Ніны Іосіфаўны занялі пачэснае месца ў нашым музеі.

На базе нашай студыі праводзяцца курсы і семінары, гутаркі і экскурсіі для гурткоўцаў Палаца, для вучняў і настаўнікаў школ, студэнтаў. Мы выходзім у школы горада з лекцыямі і міні-выставамі, асабліва цесна супрацоўнічаем з установамі, дзе вучацца нашы выхаванцы.

Радуе тое, што ў моладзі ўзнікае асэнсаванае жаданне звярнуцца да некаторых старажытных традыцый. За апошнія гады некалькі разоў дзяўчынкі ткалі паясы для сваіх будучых пляменнікаў, каб забраць іх з радзільнага дома не са стужкай, а з народным поясам. Прычым вельмі доўга і сур’ёзна вывучалі значэнне сімвалаў, выбіралі ўзоры-абярэгі. Як вынікае з размовы з дзяўчатамі – гэта было жаданне будучых бацькоў.

У мінулым годзе дзяўчына выткала для сябе вясельны ручнік з усімі сімваламі, якія павінны прынесці маладым шчасце. Гэта сімвал кахання, дзяцей, моцнай сям’і, хлеба (што азначае дабрабыт і дастатак у сям’і), сонца, абярэг ад хвароб і нячыстай сілы. Дарэчы, з гэтай мэтай дзяўчына пяць гадоў таму прыйшла запісвацца ў гурток. Вольга сказала: “Мая бабуля выткала шмат прыгожых рэчаў, і я таксама хачу навучыцца ткаць, каб на сваім вяселлі стаяць на ручніку, вытканым уласнымі рукамі”. Нядаўна адбылося вяселле. Вянчанне было ў Каложскай царкве і вялося на цудоўнай беларускай мове, маладыя стаялі на саматканым ручніку ў вясельных уборах, зробленых у народным стылі, падвязаныя прыгожымі паясамі, вытканымі рукамі нявесты. І гэта таксама адраджэнне нацыянальных традыцый. 

 


Візітная картка

Камінская Марына Аляксандраўна, 1960 г.

адукацыя – УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, 1981 г.; спецыяльнасць – беларуская мова і літаратура; кваліфікацыя – настаўнік беларускай мовы і літаратуры;

пасада – педагог дадатковай адукацыі, УА “ГДзАПТДзМ”;

стаж педагагічны – 32 гады;

стаж на пасадзе – 26 гадоў;

наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі – вышэйшая.

Самааналіз дзейнасці

Народная студыя “Суквецце талентаў” – гэта адукацыйна-выхаваўчая прастора, дзе створаны ўмовы для самарэалізацыі і самаразвіцця навучэнцаў сродкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэта спрыяльнае асяроддзе, дзе ажыццяўляецца асэнсаванне і засваенне народных традыцый, раскрыццё творчых здольнасцей, а таксама выхаванне пачуццяў грамадзянскасці і патрыятызму.

         Асноўная мэта студыі – выхаванне творчасцю, зберажэнне індывідуальнасці і фарміраванне асобы.

         Задачы студыі:

  • забеспячэнне спрыяльных умоў для ўзаемадзеяння студыйцаў і педагога;
  • выхаванне павагі да нацыянальных традыцый і культуры Беларусі;
  • распрацоўка і ўкараненне індывідуальных праграм і методык.

Студыйцы, клапатліва захоўваючы традыцыі народнага мастацтва, авалодваюць рознымі тэхнікамі ткацтва, у тым ліку вывучаюць складаную і рэдкую тэхніку падвойнага ткацтва. Прыгожыя ручнікі, сурвэткі, паясы, гальштукі, закладкі, пано – усё гэта можна бачыць на нашых выставах.

         На базе майстэрні “Ткацтва” створаны этнаграфічны музей, дзе сабрана больш за 200 экспанатаў народнага побыту Гродзеншчыны першай паловы 20 ст.: кросны, прылада для апрацоўкі лёну, тканыя дываны, ручнікі, шматлікія побытавыя рэчы і інш.

         Свае ўменні, творчыя поспехі мы разам з навучэнцамі дэманструем на семінарах, выставах, конкурсах, фестывалях


З гісторыі ткацтва

Ткацтва – адзін з самых старадаўніх і распаўсюджаных відаў беларускага народнага мастацтва, якое сваімі каранямі ўваходзіць у глыб стагоддзяў. На жаль, да нашага часу дайшла невялікая колькасць старадаўніх мастацкіх тканін. Датуюцца яны толькі пачаткам XVIII стагоддзя, прычым большасць з іх знаходзіцца зараз па-за межамі нашай рэспублікі – у Львове, Кракаве і іншых гарадах. Літаратурныя крыніцы, летапісы, фрэскавыя, кніжныя ілюстрацыі і асабліва археалагічныя раскопкі сведчаць аб шырокім распаўсюджанні прадзення і ткацтва на тэрыторыі Беларусі ў час ранняга і позняга сярэднявякоўя.

Шматлікія знаходкі прасніц, абрыўкаў тканін, а таксама льняных і ваўняных каляровых нітак і шнуркоў, фрагментаў ільнамялкі, кроснаў пры раскопках старажытных гарадоў Полацка, Гродна, Ваўкавыска і інш пацвярджаюць існаванне ткацтва на ўсёй тэрыторыі Беларусі і сведчаць аб высокім узроўні тэхнікі ў X-XIII ст.

Паколькі тканіна – недаўгавечны матэрыял, мы не ведаем аб тканінах, якія датуюцца I тысячагоддзем н.э. Рэшткі тканін гэтых часоў не захаваліся, але аб ткацтве і якасці тканін можна меркаваць па іх адбітках на днішчах гліняных сасудаў, знойдзеных на паселішчах I-II ст.н.э. (кавалкі тканін падсцілаліся пад сасуды для таго, каб яны легка аддзяляліся ад плоскай падстаўкі). Тканіна выпрацоўвалася параўнальна тонкая, тыпу сялянскага палатна.

Буйным гандлева-рамесным і культурным цэнтрам у XI-XIII стст. быў г. Гродна, дзе мастацкія рамёствы дасягнулі значнага развіцця. Ткацтва Гродзеншчыны таксама адносілася да развітых рамёстваў і поўнасцю забяспечвала хатнія патрэбы жыхароў. Аднак у княжацкім абыходзе былі больш распаўсюджаны дарагія прывазныя тканіны.

Побач з ткацтвам, неабходным для вырабу адзення, шырока вырабляліся мастацкія ўзорныя тканіны – ручнікі, абрусы, посцілкі. Значнае месца належала дыванам, якія выкарыстоўваліся для ўпрыгожання жылля.


Падвойныя дываны

Асобае месца ў беларускім народным мастацтве займаюць падвойныя тканіны, так званыя “гродзенскія дываны”. Нямецкі прафесар Конрад Гагм, які адзін з першых дэталёва вывучаў гэтыя тканіны, указваў на вузкі раён іх распаўсюджвання – Гродна – Беласток – Аўгустаў. Такія дываны сустракаліся яшчэ ў Швецыі, а з сярэдзіны XIX ст. выраб іх быў сканцэнтраваны толькі ў названым раёне. Гэтыя дываны перадаваліся з пакалення ў пакаленне як вясельныя. К.Гагм у залежнасці ад прызначэння падзяляе іх на два тыпы. Да першага тыпу ён адносіць дываны, якімі пакрывалі ложак, да другога – дываны, якімі пакрывалі стол. К. Гагм лічыць другі тып дываноў больш старажытным. Ткалі іх з чыстай воўны ручным спосабам, ніткі фарбавалі хатнімі сродкамі. Выкарыстоўваліся на сямейных і рэлігійных святах і абавязкова пры вясельных абрадах як важную частку пасагу маладой. Адсюль на большасці такіх дываноў – матывы вясельнага карагоду, дзе фігуркі людзей мяжуюцца з фігуркамі птушак, жывёл ці сілуэты дзяўчыны і хлопца, якія з’яўляюцца сімвалам шлюбу. Часта сустракаецца матыў дрэва жыцця сярод фігурак людзей і жывёл. Птушкі і жывёлы (каза, конь) ткуцца, як і ў старажытнасці, у профіль, фігуры людзей – у фас. Фігуры падаюцца статычна. Асабліва прыгожыя і манументальныя дываны з адлюстраваннем вольнага вясельнага карагоду ці маладой пары.

        Па цэнтральнаму полю многіх “гродзенскіх дываноў” часта раскіданы рачкі, зоркі. К. Гагм сцвярджае, што колькасць і месца іх размяшчэння на дыване заўсёды мела сваё значэнне. Ён лічыць, што колькасць зорак фону дывана адпавядае колькасці дзён у годзе. На выстаўцы ў Варшаве, якая адбывалася ў 1983г., Гагм дэманстраваў “гродзенскія дываны” пачатку XIX ст. ён зазначыў, што выраблялі падвойныя тканіны толькі вялікія майстры. Памер вагаўся ў межах 1,5 м шырыні, 1,2 м даўжыні. Такія дываны ткалі на вузкіх кроснах і сшывалі пасярэдзіне. У канцы XIXпершай палове XX ст. “гродзенскія дываны” пачалі ткаць на шырокіх кроснах суцэльныя. Падвойныя тканіны двухкаляровыя. Часцей спалучаюцца чырвона-цагляны ці залаціста-жоўты колеры, зялёны розных адценняў з чорным. Аднак сустракаюцца спалучэнні цемна-сіняга з карычневым і інш.

        Тэхніка ткацтва “гродзенскіх дываноў” даволі складаная. Аснова снуецца ў 4 ніткі (па дзве кожнага колеру). Тчэцца аднчасова дзве тканіны і толькі ў месцы арнаменту дзве столкі тканіны злучаюцца: колер ніжняга палотнішча стварае ўзор на фоне верхняга і наадварот. Узор набіраецца пры дапамозе пруткоў.